КРАМА – вядомы беларускі гурт, што, фактычна, вядзе сваю гісторыю з 1991 году. Але зьяўляецца правапераймальніцай спадчыны першай беларускай групы БОНДА, вядомай з сярэдзіны 1980-х. Паколькі франтмэн і аўтар музыкі і ў той і той групе – вакаліст, гітарыст і губны гарманіст Ігар Варашкевіч.
КРАМА неаднойчы станавілася лаўрэятам шматлікіх беларускіх і міжнародных фестываляў. Творы калектыву, такія, як “Бяжы, Хлопец”, “Ахіні Нас, Светлы Анёл”, “Гэй, Там, Налівай!”, “Камэндант”, “Падае Дождж”, “Што Дапаможа Нам” зьяўляюцца класікай беларускай рок-музыцы. Разам з тым, гурт выкрнвае старыя рэчы групы БОНДА, як “Стэфка” ці “СлуцкаяБрама”, што даўно сталі сапраўднымі беларускімі рок-гімнамі яшчэ з канца 1980-х гадоў. Стылёва музыка КРАМЫ базуецца на класічных прыкладах ангельскага і паўночна-амерыканскага рок-н-ролу, блюзу, і беларускіх музычных традыцыях.
Гурт запісаў і выдаў дзевяць паўнавартасных альбомаў, меў шчыльную гастрольную трасу. Але праз сацыяльна-палітычны клімат Беларусі, як і яшчэ некалькі гуртоў і выканаўцаў, у 2004 годзе трапіў у “чорныя спісы”. Нягледзячы на адсутнасць магчымасьці выступаў і трансляцый на радыё і тэлебачаньні, гурт працягваў сваю дзейнасьць. Разам з тым зведаўшы некалькі зменаў у складзе.
З канца 2019 па сярэдзіну 2020 году, з новым гітарыстам, а насамрэч старым сябрам, і вядомым беларускім музыкам Андрэем Краўцэвічам, быў запісаны, на дадзены момант, апошні альбом групы “Зацьменны Блюз”. Цікава тое, што на гэтым альбоме аўтарам тэкстаў выступіў беларускі паэт і пісьменнік Фелікс Аксёнцаў. Што ў 1980-я быў аўтарам тэкстаў для БОНДЫ, а з пачатку 1990-х стала жыве ў Канадзе. Альбом быў выдадзены ў красавіку 2021 году. Творчае супрацоўніцтва КРАМЫ і Аксёнцава працвягваецца, ёсьць некалькі новых твораў.
Як і большасьць беларускіх рок-груп, КРАМА ня мае магчымасьці выступаць у Беларусі, пасля падзеяў 2020 году. Апошні замежны выступ калектыву адбыўся ў 2019 годзе, на юбілейным фэстывалі беларускай музыкі “Басовішча” у Польшчы. Досыць складана зараз выправіцца ў вандроўку поўным электрычным складам. Але ў ліпені 2024 году, КРАМА едзе ў Літву і Польшчу паўакустычным складам: Ігар Варашкевіч – вакал, гітара, губны гармонік, Андрэй Лявончык – клавішы, вакал, Андрэй Краўцэвіч – гітара, вакал. Яны радыя ізноў сустрэцца са старымі сябрамі, каб прасьпяваць даўно знаёмыя легендарныя гіты, песьні з апошняга альбома, і, магчыма, некалькі новых песень.